Тэрыторыя інклюзіі: прастора ўзаемаразумення

23.11.2026

Напярэдадні Дня інвалідаў у ТЦСАН Мінскага раёна разгарнулася маштабная iнклюзіўная пляцоўка. Форум "Тэрыторыя інклюзіі: прастора ўзаемаразумення" сабраў маладых людзей з інваліднасцю, іх бацькоў, а таксама спецыялістаў аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі з усіх куткоў Міншчыны.

Уздзенскі раён на мерапрыемстве прадставіла Кацярына Церах разам з мамай Ірынай Генадзьеўнай. Для іх удзел у форуме – не толькі магчымасць атрымаць новыя веды і эмоцыі, але і абмяняцца вопытам з калегамі і сем'ямі з іншых рэгіёнаў, знайсці падтрымку і натхненне.

Праграму форуму падзялілі на тэматычныя лакацыі: для кожнага ўдзельніка знайшлася свая прастора.

Пакуль маладыя людзі асвойвалі творчыя і навучальныя пляцоўкі, бацькі пагрузіліся ў шчырую размову з псіхолагамі ТЦСАН. На трэнінгу "Як запаліць свечку, не згараючы: пра сябе ў клопаце пра іншага" казалі аб праве на стомленасць, прыняцці рэальнасці і беражлівых адносінах да ўласнага рэсурсу. Завяршылася сустрэча прэзентацыяй сацыяльнага праекта "Прыгажосць без межаў", дзе ўдзельнікам распавялі пра цялесную тэрапію і спосабы зняць трывогу праз клопат пра сябе.

Самая насычаная праграма чакала маладых людзей з інваліднасцю. На арт-трэнінгу "Мастацтва настрою" хлопцы спрабавалі сябе ў ролі музыкаў, а затым з дапамогай фарбаў стваралі навагодні настрой.

Далей удзельнікі форуму адправіліся ў інтэрактыўныя пакоі "Бяспека ў лесе", "Бяспека ў побыце", дзе змаглі адпрацаваць алгарытмы дзеянняў у розных экстрэмальных сітуацыях. Замацаваць веды дапамагла выязная экскурсія ў адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС Рэспублікі Беларусь.

- Для нас арганізавалі не проста лекцыю, а сапраўдны практычны занятак. Выхоўваць асаблівых дзяцей - гэта вялікая праца і велізарны ўнутраны клопат, нават калі дзіця ўжо вырасла. І мы, бацькі, і нашы дзеці крыху расслабіліся, адчулі асаблівую ўвагу да сябе, - падзялілася Ірына Церах. - Дзякуй за атрыманыя эмоцыі!

Падпішыцеся на нашы навіны