Зарадка на крэсле для пенсіянераў. У ТЦСАН Уздзенскага раёна запусцілі валанцёрскі праект "Роўны навучае роўнага"

19.08.2026

У аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН жыццё б'е ключом: тут працуюць гурткі па інтарэсах, праходзяць музычныя сустрэчы і, вядома, заняткі спортам.

На гэты раз падапечныя аддзялення адкрылі для сябе новы напрамак фітнесу – трэніроўкі на крэслах. Яшчэ і з інвентаром - гімнастычнымі палкамі, фітнес-гумкай, гантэлямі.

Ініцыятарам незвычайнага фармату выступіла кіраўнік гуртка "Школа здароўя" Лілія Плахава. Жанчыны з энтузіязмам успрынялі прапанову паспрабаваць нешта новае. Першы занятак прайшоў на базе спарткомплексу "Брыз" у сяброўскай і бадзёрай атмасферы.

- Аздараўленчая гімнастыка для людзей срэбнага ўзросту - гэта не проста размінка, а паўнавартасная работа над усімі групамі цягліц, але з мінімальнай нагрузкай на суставы. Крэсла дае дадатковую апору, а тая ж гімнастычная палка дапамагае захоўваць раўнавагу і прапрацоўваць плечавы пояс і спіну, - патлумачыла Лілія Плахава. - Такія практыкаванні асабліва карысныя для выправы і гнуткасці, і я рада, што нашы жанчыны з такой цікавасцю адгукнуліся на навінку. Цяпер галоўнае - рэгулярнасць і добры настрой, тады вынік не прымусіць сябе чакаць.

- Спачатку я паставілася скептычна: як можна трэніравацца на крэсле? Але ўжо праз некалькі хвілін зразумела, што гэта вельмі эфектыўна! Палка дадае складанасці, а крэсла дае ўпэўненасць. Пасля занятку адчула лёгкасць ва ўсім целе, нават спіна выпрасталася. І, ведаеце, такое пачуццё, быццам памаладзела на некалькі гадоў, - падзялілася меркаваннем Святлана Кручкова.

Удзельніцы гуртка "Школа здароўя" збіраюцца некалькі разоў на тыдзень. Пад расслабляючую музыку яны выконваюць практыкаванні на ўсе групы цягліц, што дапамагае палепшыць работу сэрца, умацаваць нервовую сістэму і захаваць выправу. А галоўнае - такія заняткі дораць зарад бадзёрасці на цэлы дзень і напаўняюць жыццё новымі фарбамі.

- Актыўнае даўгалецце - гэта лад жыцця нашых падапечных, якія даказваюць: спорту ўсе ўзросты пакорлівыя! І яны гатовыя дзяліцца гэтым вопытам у рамках розных валанцёрскіх праектаў са сваімі аднагодкамі па прынцыпе "Роўны навучае роўнага", - падкрэсліла загадчыца аддзялення Юлія Зяневіч.

Падпішыцеся на нашы навіны