Фестываль шматдзетных сем'яў прайшоў ва Уздзе
27.05.2026Гэта сямейнае свята аб'яднала цэлыя пакаленні. У раённым Доме культуры сабраліся шматдзетныя сем'і Уздзеншчыны. Але не проста, каб адпачыць, а паказаць неймаверную колькасць сваіх талентаў.
Ужо на падыходзе да Палаца культуры адчувалася атмасфера свята. Тут арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей: хлопцы гулялі ў гульні, малявалі крэйдамі на асфальце, танцавалі з клоўнамі і роставымі лялькамі, прымяралі на сябе новыя вобразы ў аквагрыме, усміхаліся і шмат фатаграфаваліся.
Не менш цікава было ў фае РДК. Тэматычныя фотазоны прыцягвалі ўвагу гасцей свята. Кожны мог зрабіць памятныя здымкі, падкрэсліўшы важнасць сям'і і сямейных каштоўнасцяў. Выстава малюнкаў выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў на сямейную тэматыку таксама цешыла наведвальнікаў.
Асаблівай папулярнасцю карысталася выставачная пляцоўка "Справы сямейныя", на якой сем'і-удзельніцы фестывалю - Чарнавус, Майсюк, Босак, Грыгарук, Місюкевіч, Свірыдовіч, Хальцэвы - прадэманстравалі свае таленты і сямейныя захапленні.
Вязаныя цацкі, свечкі з воску, статуэткі з гіпсу, ткацтва, eпрыгажэнні, гастранамічныя вынаходствы - кожны выраб дзівіў сваёй арыгінальнасцю і быў прасякнуты цяплом хатняга ачага.
Кульмінацыяй свята стала конкурсная праграма на лепшую шматдзетную сям'ю Уздзеншчыны. Удзельнічалі тры сям'і - Добрынеўскія, Рамановічы і Шыманскія.
Стаж сям'і Добрынеўскай Ніны і Дзмітрыя — 11 гадоў. Абодва маюць спецыяльную творчую адукацыю, што натуральным чынам уплывае на выхаваўчы працэс траіх дзяцей. 10-гадовая Аліса вучыцца харэаграфіі ў ДШМ і разам з 9-гадовым братам Міхаілам асвойваюць гульню на фартэпіяна. Ну, а вясёлая, завадная і самая маленькая ў сям'і nрохгадовая Антаніна, як і мама, любіць спяваць, танцаваць і дапамагаць пячы пірагі на кухні.
У сям'і Рамановіча Руслана і Алены таксама трое дзяцей. Даша, па прыкладзе старэйшай сястры Аляксандры, вучыцца ў музычнай школе, удзельнічае ў школьнай самадзейнасці. Яна любіць маляваць, спяваць і танцаваць. Яўген захапляецца футболам.
Руслан па прафесіі будаўнік, працуе на вытворчым прадпрыемстве, Алена працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце ТЦСАН. Бацькі сваім прыкладам выхоўваюць у дзяцей працавітасць, паважлівае стаўленне да працы, старэйшага пакалення, сямейных традыцый, прышчапляюць любоў да Радзімы.
Сям'я Шыманскай Рэнаты і Аляксандра з аграгарадка Азёры. Сельская гаспадарка - прызванне Аляксандра, яго працоўны стаж - з 17 гадоў! Рэната - чалавек творчы, сваё пакліканне знайшла на ніве культуры, яна культарганізатар Азёрскага СДК.
У сям'і Шыманскай Рэнаты Андрэеўны і Шыманскага Аляксандра Валянцінавіча выхоўваецца чацвёра дзяцей.
Старэйшы Дзмітрый спрабуе сябе ў прафесійным футболе. Сяргей любіць чытаць, гуляць у шахматы, вывучае ткацтва, а яшчэ вельмі любіць гатаваць, марыць атрымаць прафесію кухара. Дачушка Ксенія малюе, любіць спяваць, танцаваць, пляце фенечкі. бранзалеты, завушніцы. Малодшы Ілля - дашкольнік. Нягледзячы на юны ўзрост, ён захоплены спортам, любіць бокс, марыць трапіць у секцыю каратэ.
Сем'і-ўдзельніцы спаборнічалі ў спрыце і кемлівасці, дэманстравалі свае вакальныя, тэатральныя і харэаграфічныя дадзеныя. Журы ацэньвала згуртаванасць, артыстызм і ўменне працаваць у камандзе.
Але не толькі канкурсанты задавалі тон святу. Ім дапамагалі работнікі культуры. А яшчэ творчыя сем'і - Вольгі Сафронавай, Анатоля Фалько, Марыны Манькоўскай, Інгі Макоўскай. На сцэне яны былі разам з дзецьмі, што толькі дадавала эмоцый гледачу ў зале.
Гасцямі свята сталі танцоры ўзорнай студыі бальнага спартыўнага танца "Прэстыж" з Жодзіна. Іх нумары сустракалі і праводзілі апладысментамі.
На фестывалі нікога не пакінулі без узнагарод.
- У намінацыі "Самая дружная сям'я" адзначана сям'я Дабрынеўскіх.
- "Самай творчай сям'ёй" назвалі сям'ю Шыманскіх.
- "Захавальнікі сямейнага ачага" - у такой намінацыі ўзнагародзілі сям'ю Рамановіч.
Падзякі і падарункі за ўдзел атрымалі ўсе сем'і, якія ўдзельнічалі ў фестывалі.
Фестываль падарыў усім зарад бадзёрасці і нагадаў, што моцная сям'я - гэта галоўная каштоўнасць нашай краіны.
- Гэта сапраўднае сямейнае свята, якое захоўвае традыцыі, - адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Жандармава. - А нашы беларускія сем'і iх ведаюць, шануюць і будуць толькі прымнажаць.
https://tcsonuzda.by/be/novosti/item/7282-festival-mnogodetnykh-semej-proshel-v-uzde.html#sigProId14e3f365b6
