Актывісты саюза жанчын і валанцёры "срэбнага" ўзросту павіншавалі з Днём Перамогі вязніцу з Узды

10.05.2024

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і вязні прымаюць віншаванні з Днём Перамогі. Гэта свята яны сустракаюць са слязамі на вачах.

З віншаваннямі ў госці да жыхаркі райцэнтра, вязніцы Зінаіды Чагляй зазірнулі актывісты раённай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" і валанцёры аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

Для жанчыны, якая дзіцём трапіла ў Германію і бачыла, як цяжка было яе маме працаваць на гаспадара, а ён "нядобры трапіўся", такія візіты заўсёды хвалюючыя. Яна і гады цяжкія ўспомніць, і ўсплакне, і пажадае, каб падобнага нікому не давялося перажыць.

Прыемных і кранальных момантаў сустрэчы дадалі песні, якімі суправаджалася віншаванне і ўручэнне падарункаў.

- Сёння мы аддаём даніну павагі ветэранам. Дзякуючы іх нязломнай сіле духу, самаадданаму подзвігу ў імя свабоды і незалежнасці беларускага народа кожнае новае пакаленне сустракае світанкі пад мірным небам, – адзначыла загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Юлія Зяневіч.

Падпішыцеся на нашы навіны