Цёплая Калядная танцавальная праграма для пажылых грамадзян прайшла ва Уздзенскім раённым доме культуры
12.01.2024Прадстаўнікі раённай арганізацыі ветэранаў, савета пажылых грамадзян, ветэраны працы розных галін сустрэліся ва ўтульнай прасторнай зале, каб павіншаваць адзін аднаго з навагоднімі і каляднымі святамі і падзяліцца зарадам бадзёрасці і добрага настрою.
У адрас прысутных прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў ад старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Таццяны Лычкоўскай і старшыні раённага аб'яднання прафсаюзаў Аксаны Салавей.
Цікавая конкурсная праграма дазволіла ўдзельнікам сустрэчы праявіць свае здольнасці і таленты ў выкананні песень і дэкламацыі вершаў, у тэатральным і танцавальным жанры. Мелодыі любімых кампазіцый закружылі прадстаўнікоў «срэбнага» ўзросту ў танцы, напаўняючы сэрцы настальгічнымі ўспамінамі, якімі потым доўга дзяліліся ў сяброўскай кампаніі.