
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сацыяльнай абароны і 105-годдзю сацыяльнай службы, прайшло ў Палацы культуры
08.01.2024У гэты дзень Уздзеншчына ўшаноўвала і дзякавала за працу людзям, якія выбралі прафесію па загадзе сэрца і як ніхто іншы ведаюць, што такое бескарыслівасць, міласэрнасць і самааддача.
- Сацыяльная абарона - неад'емная частка палітыкі нашай краіны. Штогод многія жыхары раёна звяртаюцца ў органы сацыяльнай абароны па той ці іншай прычыне. У нас дзейнічае зладжаная каманда спецыялістаў, чые сэрцы аддадзены людзям. Яны не проста дапамагаюць і падтрымліваюць тых, хто ў гэтым мае патрэбу, але і працуюць на карысць раёна, вобласці і краіны, – падкрэсліў старшыня Уздзенскага райвыканкама Дзмітрый Колас.
Кожны з выступоўцаў, звяртаючыся да прысутных у зале работнікаў сацыяльнай абароны, адзначаў важнасць іх працы па аказанні дапамогі і падтрымкі тым, каму яны так неабходны. Чаго жадалі? Вядома ж, здароўя, дабрабыту і далей захоўваць цеплыню і шчырасць сэрцаў, заставацца тымі праменьчыкамі святла, якія так неабходныя людзям.
А якая яна, сацыяльная служба Уздзенскага раёна? Яркая, маючая ў асноўным жаночы твар, таму такая пачуццёвая, добразычлівая і шчырая. Разам з тым, работнікам сацыяльнай абароны раёна ёсць чым ганарыцца - на рахунку многіх з іх шматлікія працоўныя перамогі.
Граматы і падзякі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, райупраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ТЦСАН сталі ацэнкай работы людзей, чые сэрцы гараць не толькі для родных і блізкіх, але і для тых, хто мае патрэбу ў іх дапамозе. Не засталіся ў баку ад урачыстасці таксама прадстаўнікі прафсаюза, грамадскіх арганізацый, партыі «Белая Русь».
- Ніводная праца не дае столькі магчымасцяў. Сацыяльны работнік - гэта і псіхолаг, і ўрач, і ратавальнік, і памочніца па хаце, у вырашэнні бытавых і гаспадарчых пытанняў. За столькі гадоў працы яны становяцца для сваіх падапечных лепшымі сябрамі, уважлівымі суразмоўцамі, практычна роднымі людзьмі, – сказала дырэктар ТЦСАН Наталля Жук. - І гэта, паверце, лепшая ацэнка нашай працы.
Асаблівую ўвагу на ўрачыстым мерапрыемстве надалі і ветэранам працы. Са сцэны гучалі словы падзякі за іх шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме, за вернасць выбранаму шляху, за мудрыя ўрокі пачынаючым спецыялістам.
Прыемным бонусам да ўзнагарод сталі музычныя нумары ў выкананні артыстаў раённага Дома культуры, якія падарылі гледачам добры настрой і станоўчыя эмоцыі.