Тэатр без межаў у ТЦСАН

01.08.2023

Інклюзіўныя спектаклі для юных сяброў рыхтуюць пажылыя валанцёры.

У раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае валанцёрскі рух.

Валанцёры - людзі шаноўнага ўзросту, але яны маладыя душой, бадзёрыя, вядуць актыўны лад жыцця і з аптымізмам глядзяць на свет, спрабуючы перадаць свой зарад энергіі тым, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы.

У рамках валанцёрства дзейнічае сацыяльны праект «Тэатральная майстэрня «Iнклюзіў». Актыўна прымаюць удзел валанцёры «срэбнага ўзросту» ў акцыях, канцэртах, мерапрыемствах. Любяць наведваць са сваімі спектаклямі цэнтр карэкцыйнага развіцця, - дзеліцца загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Юлія Зяневіч – «У рэалізацыі многіх пастановак нам дапамагаюць хлопцы з аддзялення інвалідаў, якія не толькі прымаюць непасрэдны ўдзел, але і ствараюць патрэбную атрыбутыку і рэквізіты для спектакляў. Нашы валанцёры – частыя госці ў дзіцячых садках, раённай і сельскіх бібліятэках, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Іх песні і прыпеўкі, вершы і байкі падымаюць настрой, таму гэтым канцэртам і выступам заўсёды рады.»

Варта адзначыць, што многія сцэнары для сваіх тэатральных пастановак ўдзельнікі студыі дапісваюць і прыдумляюць самі. Мы зазірнулі ў разгар рэпетыцый дзіцячай пастаноўкі «Церамок». Для пачатку бабулі абмеркавалі канцэпцыю і размеркавалі ролі. Абгаварылі дэталі, прадумвалі вобразы, касцюмы, дэкарацыі. Вялікая роля адведзена сцэнару і даступнасці мовы, бо пастаноўку рыхтуюць для дзетак з асаблівасцямі ў развіцці.

- Вельмі важна не зацягваць дзеянне, – адзначае валанцёр Наталля Шамянкова. - Мы ўжо не першы раз рыхтуем выступ для гэтых дзяцей. І дакладна ведаем, што доўга сядзець ім будзе сумна. Таму хочацца зрабіць кароткае, але яркае і эмацыйнае выступленне.

Практычна з першай рэпетыцыі стала зразумела, што спектакль атрымаецца цікавым, настолькі пажылыя акцёры ярка ўжываюцца ў вобразы.

Удзельнікі групы збіраюцца раз на тыдзень, але ўвесь час знаходзяцца на сувязі ў мэсэнджарах. Тэатральная майстэрня «Iнклюзія» аб'яднала прадстаўнікоў розных прафесій і інтарэсаў. Гэты праект не толькі пра ўцягванне ў добраахвотніцтва і творчасць. Сярэбраныя валанцёры сваім асабістым прыкладам транслююць вобраз чалавека, які, выйшаўшы на пенсію, не перастаў займацца карыснымі для грамадства справамі.

Падпішыцеся на нашы навіны